18 22:16:23.09.2007 ЛОСІ І ЭЛТАН ДЖОН
IQ48 і Элтан Джон выступілі ў Таліне

Гурт IQ48 вярнуўся з Эстоніі. У Таліне яны далі канцэрт у межах акцыі «Дзень плянэты». Цікава, што ў гэты ж дзень у сталіцы Эстоніі выступаў Элтан Джон. «Мы зь ім крыху разьмінуліся, бо ён граў у іншым месцы, але спадзяемся, калі-небудзь зайграем зь ім разам», - жартуюць «ай-кьюшнікі». Яны гралі ў суботу ў парку Тамсаарэ. «А чаго нам тут заседжвацца ў Беларусі? Трэба езьдзіць па сьвеце», - разважае вакаліст IQ48 Саша Ракавец.

У жніўні IQ48 удзельнічалі ў літоўскім фэсьце be2gether – іх песьні прыйшліся да спадобы тамтэйшай публіцы. Цяпер жа яны скіраваліся ў Эстонію. «Атрымалася гэта досыць выпадкова, бо запрашалі ў прынцыпе ня нас, а гурт Indiga, - апавядае Аляксандар Ракавец. – Але яны ня здолелі паехаць і параілі нас. Прынялі там вельмі добра, арганізацыя - супэр!». IQ48 выступалі ў межах акцыі «Дзень плянэты», што праводзілася ў парку Тамсаарэ. Ідэя мерапрыемства гучала так: «Эстонія, якая дапамагае». Арганізатары хацелі пазнаёміць гасьцей з прадстаўнікамі тых краінаў, якім Эстонія ў той ці іншай ступені дапамагае (там часьцяком праходзяць акцыі ў падтрымку незалежнай Беларусі). Разам з IQ48 выступілі эстонскія каманды - Aides і Vaegilased, а адкрыў фэст кіраўнік эстонскага Міністэрства замежных справаў Урмас Паэт. «Мы ўпершыню былі ў Таліне і гэты горад нам вельмі спадабаўся, да ўсяго на гэтую паездку прыпаў дзень нараджэньня нашага басіста – Косьціка, таму было надта весела», - апавядае вакаліст IQ48. «Але галоўная прыемнасьць была ў тым, што ў Эстоніі нямала беларусаў. Шмат хто падыходзіў да нас пасьля выступу і дзякаваў за нашы песьні», - дадае музыка.

SB, ТГ